Прыйшла каляда ...
У нашай дашкольнай установе вялікая ўвага надаецца фарміраванню ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці, гонару за свой народ і краіну. Патрыятычнае выхаванне ў нас прысутнічае ва ўсіх відах дзейнасці. Кожную пятніцу у садку праходзіць дзень беларускай мовы, калі педагогі паміж сабой і з дзецьмі размаўляюць толькі на роднай мове. А фальклорныя святы далучаюць дзяцей да беларускай культуры і традыцый.
КАЛЯДЫ – самае паэтычнае са старажытных славянскіх святаў, якія захаваліся да нашага часу і адзначаюцца на Беларусі. Гэта першае свята сонца, якому старажытныя славяне шчыра пакланяліся. Каляды бываюць тады, калі дзень робіцца даўжэйшым, а ноч карацейшая, калі сонейка пачынае часцей гуляць па небе, калі прырода паварочвае да цяпла, да вясны. Людзі на Каляды многа спяваюць, весяляцца, пераапранаюцца, ходзяць па хатах, віншуюць гаспадароў, а ў кожнай хаце калядоўшчыкаў чакаюць. Гаспадыня засцілае белым абрусам стол, рыхтуе смачныя стравы і розныя прысмакі ім у падарункі. А да каго Каляда не завітае, таго шчасце не напаткае. Бо лічылася: як сустрэнеш калядны навагодні вечар – такі будзе і ўвесь год.
Традыцыя правядзення беларускіх народных святаў у нашай установе дашкольнай адукацыі існуе даўно. На працягу многіх гадоў выхаванцы прымаюць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных беларускім народным святам. Прычым свята Каляды – адно з самых любімых як у дзяцей, так і ў дарослых. У гэтым годзе вырашылі не адступаць ад традыцыі і разам з дзецьмі рыхтавалі тэатралізаваны паказ свята Каляды. Да Каляд у дашкольнай установе рыхтаваліся сур’ёзна. Дзяцей знаёмілі з гісторыяй свята, яго традыцыямі, развучвалі з імі калядныя песні, беларускія народныя танцы, гульні і вершы.
14.01.2019 г. пад кіраўніцтвам музычных кіраўнікоў І.Н.Стрэльчанка і Е.П.Фраловай, прайшла музычная забава «Прыйшла Каляда!». Па ўжо склаўшайся традыцыі кожны год выхаванцы разучваюць песні-калядкі, вершы, апранаюцца ў строі жывёл , скамарохаў, казачных персанажаў і адпраўляюцца калядаваць. Калядка – гэта маленькая песенька, у якой жадаюць дабра, здароўя, багацця на ўвесь наступны год. Гаспадары ж таксама частуюць гасцей і жадаюць моцнага здароўя. Наша «Каляда» была насычана казачнай атмасферай, вясёлымі песнямі i гульнямі. Так, дзеці і калядоўшчыкі прыйшлі калядаваць у хату да дзеда і бабы. З сабой яны прывялі казу. Гаспадары пачаставалі яе, і козачка стала гуляць з дзеткамі ў розныя гульні. Свята не толькі прыносіць радасць нашым выхаванцам, але і дае ім магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, самім адчуць усе хараство народных святаў і гулянняў. Дзеці вельмі любяць гэтае вясёлае свята, актыўна прымаюць у ім удзел: спяваюць калядкі, чытаюць і частуюць смачнымі прысмакамі.
Хачу адзначыць, што мерапрыемства праходзіла на беларускай мове і было бачна, што для дзяцей моўнага бар’еру з дарослымі не існавала, яны самі чыталі вершы і спявалі на роднай мове. А напрыканцы свята ўсіх чакалі пачастункі з салодкімі прысмакамі.
Правядзенне мерапрыемстваў па матывах народных святаў мае не толькі культурнае і эстэтычнае, але і велізарнае выхаваўчае значэнне.