Чым адметна беларуская мова?
Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі раней за нас займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове. Яна з`явілася ў 1488 годзе. А ў 1517-м — у Празе доктар лекарскіх навук Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску — першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.
Даўней беларуская мова была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе суды, адбываліся соймы і іншае.
У беларускай мове тры алфавіты (графічныя сістэмы). На сённяшні дзень афіцыйна ўжываецца кірылічны алфавіт, які існуе з XIV ст. У XVI ст. з’явілася лацінка. Ёй пісаліся творы беларускай літаратуры XIX ст. На пачатку XX ст. кірылічны і лацінскі алфавіты суіснавалі разам. Так пэўны час газета «Наша ніва» друкавала тэксты на дзвюх графічных сістэмах, каб усе беларусы разумелі напісанае, таму што каталікі звыклі да лацінкі, а праваслаўныя разумелі толькі кірыліцу. Зараз лацінка ўжываецца ў тапаніміцы — назвах геаграфічных аб’ектаў. Таксама ёй карыстаюцца ў побытавых зносінах беларусы, якія лічаць лацінку больш зручнай сістэмай для перадачы асаблівасцяў беларускага маўлення.
Толькі ў беларускай мове ёсць літара Ў. Гэта адметнасць беларускай мовы ўвасоблена ў помніку, які знаходзіцца ў Полацку. Над скульптурай працаваў мастак і дызайнер Ігар Куржалаў. У нізе помніка выбітыя радкі з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет».
У беларускім алфавіце 32 літары. Наш алфавіт не мае літар Щ, Ъ. Замест цвёрдага знака мы ўжываем апостраф (‘). Дыграфы ДЗ і ДЖ не ўваходзяць у алфавіт, бо гэта спалучэнне дзвюх літар для абазначэння адпаведных гукаў.
Не па-беларуску і не па-руску, а на трасянцы. Сумесь беларускай і рускай мовы называецца «трасянка». У прамым сэнсе яно абазначае сена нізкай якасці, якое ўтвараецца ад спалучэння сухой і свежаскошанай травы. Ва ўкраінскай мове таксама ёсць падобная з’ява і называецца яна «суржык».
Некалі беларуская мова мела статус адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі. У 1990-м годзе быў прыняты закон «Аб мовах», згодна з якім беларуская мова прызнавалася адзінай дзяржаўнай мовай незалежнай Рэспублікі Беларусь. Але пасля рэферэндуму 1995-га года статус дзяржаўнай набыла і руская мова. Дарэчы, прапанову ўрада вярнуць рускай мове статус дзяржаўнай падтрымала большасць беларусаў. Мяркуецца, насельніцтву было цяжка пасля савецкіх часоў адразу перайсці на беларускую мову ва ўсіх сферах зносін. Людзі элементарна яе не ведалі. Зараз, як бачым, прыярытэт у зносінах мы аддаём рускай мове.
Паводле вынікаў перапісу насельніцтва, беларускую назвалі роднай мовай 53,2% жыхароў краіны — 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек. Дома на ёй размаўляе 30% насельніцтва. У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх амаль 84% назвалі сябе беларусамі.